СУТЫКНЕ́ННІ А́ТАМНЫЯ,
элементарныя акты ўзаемадзеяння паміж часціцамі (атамамі, малекуламі, іонамі ці інш.), пры якіх структура і будова атамных ядраў не змяняюцца. Бываюць пругкія і няпругкія.
Пры пругкіх С.а. сумарная кінетычная энергія часціц застаецца пастаяннай — яна толькі пераразмяркоўваецца паміж часціцамі, а напрамкі руху часціц змяняюцца. Такія ўзаемадзеянні вызначаюць пераносу з’явы ў газах ці слабаіанізаванай плазме. Каэфіцыенты дыфузіі (перанос часціц), вязкасці (перанос імпульсу), цеплаправоднасці (перанос энергіі) і інш. выражаюцца праз эфектыўнае сячэнне рассеяння атамаў ці малекул (газакінетычнае сячэнне), напр., у газе. Пры няпругкіх С.а. змяняецца ўнутраная энергія ўзаемадзейных часціц і адпаведна іх поўная кінетычная энергія. Пры гэтым змяняецца электронны стан атама, а таксама вагальны ці вярчальны стан малекулы. Імі абумоўлены іанізацыя атамаў, працэсы ў газавых лазерах, хім. рэакцыі і інш.
А.А.Богуш.
т. 15, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)